16 | 01 | 2018

Герб РБ

Главное меню
Контактная информация

Захавальнікі гісторыі вымнянскага краю

  Выдатна, калі ў школе дзяцей вучаць не толькі прадметам агульнай адукацыі, але і шанаваць сваіх продкаў, ведаць гісторыю краю.

  Так, як гэта практыкуецца ў аграгарадку Вымна Віцебскага раёна. Статья в Витебских вестях

  За час свайго існавання паселішча часта было у эпіцэнтры гістарычных падзей. Першая згадка пра яго сягае ажно ў XVI стагоддзе. А колькі знакамітых людзей нарадзіліся тут альбо звязалі з Вымна свой лёс! Таму цалкам лагічным было адкрыццё ў верасні 2010 года гісторыка-краязнаўчага музея пры мясцовым дзіцячым садзе - сярэдняй школе.

  Музей паўстаў не на пустым месцы. Спачатку тут быў створаны куток, прысвечаны земляку - вядомаму этнографу і фалькларысту Мікалаю Нікіфароўскаму, які нарадзіўся ў Вымне ў небагатай сям'і, але дзякуючы ўпартасці і працаздольнасці заслужыў аўтарытэт у навуковых колах. Экспазіцыя ў яго гонар і зараз першай сустракае наведвальнікаў.

  Крочу з настаўніцай гісторыі Аленай Краснабаевай па музейных кутках і, быццам з дапамогай нябачнай машыны часу, трапляю ў даўняе і блізкае мінулае Вымна. Этнаграфічны куток дае ўяўленне пра сялянскі побыт ранейшых эпох. Вось цымбалы, якія літаральна выпрасіла ў гаспадара настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Вінаградава, цэп для малацьбы, начоўкі, у якіх мылі бялізну нашы продкі, лапата для хлеба, медны самавар...

  На стэндзе «З глыбіні стагоддзяў» увагу прыцягваюць гербы ўладароў Вымна і навакольных вёсак: князёў Кісялёў і Лукомскіх, Саковічаў і Агінскіх.

  Асобная экспазіцыя прысвечана тадулінскаму кляштару, што быў на супрацьлеглым стромкім беразе возера Вымна. Выстава зроблена ў выглядзе каплічкі, з абразамі, свечкамі, фігурай самотнай манашкі.

  Самая балючая дагэтуль тэма - Вялікая Айчынная вайна, якой у зале адведзена найбольшая плошча, што не дзіўна: восем месяцаў тут стаяў фронт. Настаўнікі Таццяна і Вячаслаў Марозавы захапіліся гэтай праблематыкай, калі жонка стала шукаць свайго прадзеда, што знікнуў без вестак. Так пакрысе і ўцягнуліся ў пачэсную працу аднаўлення забытых імёнаў байцоў. У музеі ёсць карта, на якой сцяжкамі адзначаецца, з якіх мясцін прыязджаюць людзі, каб даведацца пра сваіх палеглых сваякоў. Украіна, Расія, Малдова, нават Фінляндыя... Настаўнікі выдалі прысвечаны вайне альбом з фотаздымкамі байцоў, што навекі засталіся на вымнянскай зямлі, успамінамі ветэранаў, іх біяграфіямі.

  У Вымнянскім сельсавеце самая вялікая колькасць брацкіх магілаў у Віцебскім раёне -14.З ім навечна звязаны лёс трох Героў Савецкага Саюза - Анатоля Углоўскага, Генадзя Пацёмкіна і Аляксея Томскага - маладых хлопцаў, якім вечна будзе па дзевятнаццаць.

  Па звестках стваральнікаў музея, з вайны вярнуліся пераможцамі 93 жыхары, 125 загінулі на фронце, 40 - у партызанах, 258 зніклі без вестак. Пра той ліхі час распавядаюць маўклівыя яго сведкі: савецкія і нямецкія каскі, кацялкі, дзе яшчэ бачны нейкія надпісы, лыжкі...

  Сустрэў у вымнянскім музеі і Ілью Марозава, сына Таццяны і Вячаслава, таксама апантанага збіральніка прадметаў матэрыяльнай культуры, асабліва манет, якіх багата знайшлі з бацькам у наваколлі і пра якія здольны распавесці шмат цікавага. Самыя старажытныя ў экспазіцыі – арабскія грошы X стагоддзя, што красамоўна сведчыць: людзі сяліліся тут задоўга да першай згадкі ў летапісе ў 1552 годзе. Шмат манет часоў Вялікага княства Літоўскага і Расійскай імперыі. Цікавыя і знойдзеныя французскія гузікі: тут ішлі сур'ёзныя баі і ў напалеонаўскую вайну 1812 года.

  Знайшлося ў музеі месца гісторыі развіцця сельскай гаспадаркі рэгіёна. Пасля рэвалюцыі ў вымнянскім краі было створана мноства калгасаў і саўгасаў, якія нарэшце ў наш час аб'ядналіся ў моцнае сельгаспрадпрыемства «Вымна».

  У навучальнай установы ёсць свой сайт у Інтэрнэце, дзе адведзена старонка і ўласнаму музею.

  Так што, шаноўныя, калі лёс прывядзе ў гэты маляўнічы куток, абавязкова наведайце самабытны школьны музей, дзе вас заўсёды сустрэнуць закаханыя ў сваю малую радзіму людзі. Не пашкадуеце!

Алесь Бынькоў, “Витебские вести” (30.07.2013)

Случайное фото
Прогноз погоды
Наши новости